У рамках рэалізацыі праграмы «Запрошаны прафесар» наш універсітэт па ініцыятыве кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта наведала прафесар кафедры маўленчай камунікацыі Вышэйшай школы журналістыкі і масавых камунікацый Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук Наталля Сяргееўна Цветава, вядомы вучоны-славіст, спецыяліст па сучаснай рускай літаратуры, а таксама па рыторыцы, стылістыцы мастацкага і мэдыйнага тэкстаў, лінгвакультуралогіі. Наталля Сяргееўна пастаянна выступае з лекцыямі не толькі ў Расійскай Федэрацыі, але і ў Германіі, КНР, Паўночнай Карэі, а таксама ў нашай краіне. Яна з’яўляецца аўтарам звыш 400 публікацый на рускай, англійскай, нямецкай, польскай, карэйскай мовах. Сталыя сувязі звязваюць Наталлю Сяргееўну з нашым універсітэтам. Яна з’яўляецца пастаянным удзельнікам Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, прысвечанай памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі, якая рэгулярна праводзіцца кафедрай беларускай літаратуры.
Выступленні Наталлі Сяргееўны Цветавай былі цікавыя не толькі студэнтам, якія спецыялізуюцца на літаратуразнаўстве, але і мовазнаўцам, бо шаноўны прафесар – спецыяліст у лінгвакультуралогіі, а таксама будучым журналістам, паколькі Наталля Сяргееўна чытае лекцыі і па медыялінгвістыцы.
Згодна з праграмай прыёму, прафесар прачытала студэнтам і магістрантам філалагічнага факультэта лекцыі «Асноўныя тэндэнцыі развіцця сучаснай рускай літаратуры», «Моўная форма журналісцкага тэксту: узроўні эстэтызацыі». Выступленні Наталлі Сяргееўны выклікалі вялікую зацікаўленасць у аўдыторыі, пра што сведчыць колькасць цікавых і змястоўных пытанняў ад студэнтаў.
З мэтай наладжвання далейшых кантактаў адбылася сустрэча Наталлі Сяргееўны з выкладчыкамі філалагічнага факультэта, а таксама з кіраўніцтвам факультэта, падчас якой былі абмеркаваны шляхі далейшага супрацоўніцтва. Наталля Сяргееўна Цветава пазнаёмілася з літаратурным музеем «Аlma-mater», спецыялізаванымі кабінетамі і лабараторыямі філалагічнага факультэта.
Паколькі ў кастрычніку бягучага года міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь падпісаў загад аб адкрыцці ў нашым універсітэце падрыхтоўкі па спецыяльнасці "Журналістыка" з прысваеннем кваліфікацыі "журналіст", то абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з будучым акадэмічным абменам, удзелам у канферэнцыях і семінарах. Прафесар Цветава Н.С. наведала рэдакцыю абласной газеты "Гомельская праўда", сустрэлася з прадстаўнікамі СМІ Гомеля і Гомельскай вобласці. Спадзяемся, што візіт Наталлі Сяргееўны Цветавай стане штуршком для далейшага плённага супрацоўнітва паміж Гомельскім і Санкт-Пецярбургскім дзяржаўнымі ўніверсітэтамі.