Каманда СНДЛ “Фінансіст і банкір” заняла 1 месца на Міжнароднай міжвузаўскай эканамічнай алімпіядзе “Бізнес-аналіз і кіраванне рызыкамі”, якая праводзілася ў сакавіку-красавіку гэтага года ў расійскім эканамічным універсітэце імя Г.В. Пляханава. У алімпіядзе ўдзельнічала 51 каманда з 23 расійскіх і замежных ВНУ.
ГДУ імя Ф. Скарыны на спаборніцтвах прадставілі магістранты спецыяльнасці “Фінансы, падаткаабкладанне і крэдыт”: Анастасія Сідарава, Марына Назарава, Лізавета Пеўнева. Навуковы кіраўнік – загадчык кафедры фінансаў і крэдыту, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Ларыса Уладзіміраўна Дзяргун.
Алімпіяда праходзіла ў два этапы. На першым этапе (5 красавіка) у рэжыме “анлайн” удзельнікі вырашалі тэставыя заданні па аналізе бізнесу, кіравання рызыкамі, эканамічнай тэорыі, ўлікова-інфармацыйнага забеспячэння бізнес-аналізу, па фінансаваму маніторынгу і фінансавай матэматыцы. Па выніках асабістага заліку каманда “Фінансіст і банкір” прайшла ў другі тур конкурсу, а Анастасія Сідарава прадэманстравала 3 вынік сярод усіх удзельнікаў.
Другі этап (10 красавіка) заключаўся ў рашэнні і прэзентацыі кейса, заданні якога былі распрацаваны Міжнароднай асацыяцыяй прысяжных сертыфікаваных бухгалтараў (The Association of Chartered Certified Accountants, АССА).
Па выніках алімпіяды каманда “Фінансіст і банкір” Гомельскага дзяржуніверсітэта заняла 1 месца сярод студэнтаў магістратуры! Такі выдатны вынік – сведчанне міжнароднага прызнання высокай якасці падрыхтоўкі ў магістратуры па спецыяльнасці “Фінансы, падаткаабкладанне і крэдыт” і, вядома ж, заслуга ўсяго выкладчыцкага калектыву кафедры фінансаў і крэдыту.
Дзякуем арганізатарам Міжнароднай міжвузаўскай студэнцкай эканамічнай алімпіяды “Бізнес-аналіз і кіраванне рызыкамі” за запрашэнне да ўдзелу ў навуковым конкурсе і магчымасць прадэманстраваць узровень прафесійных ведаў і кампетэнцый!
Кацярына КАВАЛЕНКА
https://www.rea.ru/ru/org/faculties/finfak/Pages/Eventsresults.aspx