СВЯТА НА ПАДРЫХТОЎЧЫМ АДДЗЯЛЕННІ

Submitted by ias on Fri, 06/25/2021 - 16:38

25 чэрвеня падрыхтоўчае аддзяленне (ПА) нашага ўніверсітэта урачыста святкавала выпуск замежных слухачоў у актавай зале корпуса №1. Паказальна, што на ПА ў 2020/2021 навучальным годзе прыехала вучыцца моладзь з дванаццаці краін свету: з Конга, Алжыра, Кітая, Сірыі, Йемена, Марока, Маўрытаніі, Гвінеі, Нігерыі, Ганы, Камеруна, Турцыі. Таму сёлетні выпуск быў значна больш шматлікі за леташні: 43 навучэнцы чатырох груп, якія фарміраваліся з верасня 2020 г. па сакавік 2021 і паступова ўліваліся ў навучальны працэс з розным узроўнем валодання рускай мовай, атрымалі з рук дэкана факультэта завочнага навучання і давузаўскай падрыхтоўкі Дзмітрыя Аляксандравіча Хадановіча пахвальныя граматы за добрасумленную вучобу і актыўнасць у грамадскім жыцці. Пад высока прафесіянальным мастацкім і рэжысёрскім кіраўніцтвам выкладчыц кафедры давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі Наталлі Аляксандраўны Старавойтавай і Наталлі Аркадзьеўны Азяўчыкавай навучэнцы зладзілі ўрачысты развітальны канцэрт, на якім не забракла гумару, песень, конкурсаў і танцаў, парадаваўшы ўзнёслай атмасферай і сябе, і шматлікіх гасцей факультэта.

Святочна прыбраныя, навучэнцы ПА цёпла павіншавалі сваіх выкладчыкаў рускай мовы як замежнай: букетам шыкоўных руж Наталлю Аляксандраўну Сівакову, Людмілу Віктараўну Рагузаву, а Леаніда Пятровіча Кузьміча віталі адмыслова несканчальнымі апладысментамі. Гэткая ўдзячнасць настаўніку заслужана дасталася за руплівыя адносіны да сваёй педагагічнай місіі: пачаўшы працаваць з замежнікамі з красавіка бягучага года, Леанід Пятровіч паспеў заваяваць глыбокую павагу і шанаванне ў сэрцах сваіх удзячных гадаванцаў, паспеўшы арганізаваць для іх шэраг незабыўных экскурсій і навучыць чытаць і пісаць па-руску за такі кароткі час.

З вуснаў выпускнікоў ПА са сцэны гучалі літаратурныя кампазіцыі аўтарства Н.А. Азяўчыкавай, вершы Дзяржавіна і Пушкіна, а сапраўднай нечаканасцю аказаўся ўласны твор у выкананні пад гітару Леанэля Ігнаса з Конга – песня “Именительный падеж”, якую ён заспяваў у таварыстве афрыканскіх дзяўчат. У якасці напаміну пра насычана праведзены час на падрыхтоўчым аддзяленні напрыканцы святочнага канцэрта адбыўся рэтраспекцыйны паказ фотаздымкаў, якія рабіліся на працягу навучальнага года: гэта былі запамінальныя моманты экскурсій па прыгожых гарадскіх мясцінах з наведваннем гістарычных забыткаў, катанне на лыжах, наведванне музеяў і стральба у кулявым ціры… 

Думаецца, у сыходзячым навучальным годзе педагагічным калектывам кафедры на чале з дацэнтам Святланай Віктараўнай Чайковай былі створаны ўсе умовы для найлепшай адаптацыі замежных навучэнцаў у нашай краіне, арганізацыі аптымальных умоў для паспяховага засваення рускай мовы як замежнай, таму такая ўзаемная ўдзячнасць і павага вылілася ў незабыўнае свята і для педагогаў, і для іх выхаванцаў, якіх з першага верасня чакаюць утульныя студэнцкія аўдыторыі эканамічнага, філалагічнага, фізічнага ды іншых факультэтаў. Чакае іх і самаадданая, сур’ёзная вучоба, і шматлікія хвалюючыя сесіі. Такім чынам, у добры шлях, нашыя ўдзячныя выпускнікі!

 

Дацэнт кафедры давузаўскай падрыхтоўкі

і прафарыентацыі

Рыгор Серыкаў