Лі¬за¬ве¬та (дру¬гая зле¬ва) з ка¬ля¬жан¬ка¬мі па атра¬дзе.
Камандзір першага заезду, студэнтка трэцяга курса факультэта псіхалогіі і педагогікі Лізавета КАКОРА расказала, што ў атрад увайшлі 18 хлопцаў і дзяўчат, якія выдатна праявілі сябе ў вучобе і актыўна ўдзельнічалі ў культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах БРСМ: — Студэнты датэрмінова здалі сесію, вывучылі асновы аховы працы і працоўнага права. Перад выездам здалі ПЛР-тэсты. Сама я паехала ў «Арляня» другі раз, але ў якасці камандзіра — упершыню. Па жыцці я вельмі актыўная, мне падабаецца праяўляць свае лідарскія якасці, таму з лёгкасцю пагадзілася ўзяць на сябе такую адказнасць. Удзячная за давер БРСМ. Атрымала шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў, пазнаёмілася з цікавымі людзьмі.
Байцы працавалі ў рамках сэрвіснага атрада: абслугоўвалі дзяцей у сталовых, прыбіралі памяшканні. — Наш заезд доўжыўся пяць тыдняў. Для наступнага ж працоўная вахта працягнецца да канца жніўня. Многія студэнты прызвычаіліся да абстаноўкі адразу, а некаторым было цяжкавата, таму мы іх вельмі падтрымлівалі.Тым больш выхадныя дні ў нас былі насычаныя. «Арляня» знаходзіцца каля курортных гарадоў — Сочы, Геленджыка, Краснадара. Нядзіўна, што мы ездзілі на розныя экскурсіі. Зразумела, хадзілі на мора, зараджаліся пазітывам, — кажа 20-гадовая суразмоўніца.
Рабочы дзень у атрада пачынаўся а сёмай гадзіне раніцы. А восьмай усе ўжо браліся за свае абавязкі. «У кожнага з нас быў свой распарадак дня, план работы. Стараліся ад яго не адступаць. Дзеці — вельмі добрыя, пазітыўныя, таму працаваць было ў радасць», — адзначыла Ліза.
Дзяўчына ўпэўненая: такі вопыт для студэнтаў дае многае. «Развіваецца самастойнасць, пачынаеш лепш арыентавацца ў новых абставінах. Кожны з нас пабываў у новым асяроддзі. Мы пасябравалі, атрымалі для сябе новыя навыкі, якія спатрэбяцца ў жыцці».
Дарэчы, Лізавета таксама ўдзельнічае ў валанцёрскім руху: разам з «Добрым Сэрцам» аказвае дабрачынную дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам, дзецям-сіротам, дзецям з апякунскіх сем'яў, актыўна ўдзельнічае ў экалагічных акцыях. Да таго ж дзяўчына арганізоўвае на базе свайго ўніверсітэта псіхалагічныя трэнінгі, іншыя мерапрыемствы.
«Пры выбары прафесіі арыентавалася на тое, што будзе мне цікава, чым я захапляюся, і псіхалогія — адзін з такіх кірункаў. За тры гады навучання зусім не расчаравалася ў спецыяльнасці, наадварот, яшчэ больш захацела працаваць у абранай сферы. Лічу, што веды, атрыманыя падчас вучобы, спатрэбяцца мне ў штодзённасці, дапамогуць знайсці падыход да кожнага».
Дар'я ШЛАПАКОВА
Фота гераіні