МІЖНАРОДНЫ НАВУКОВЫ ФОРУМ

Submitted by ias on Wed, 10/05/2022 - 16:09

Імя народнага пісьменніка Беларусі акадэміка Івана Якаўлевіча Навуменкі (1925-2006) займае годнае месца ў гісторыі нацыянальнай літаратуры і культуры. Памяць пра ўдзельніка партызанскага руху і франтавіка, заслужанага дзеяча навукі, старшыню Вярхоўнага савета БССР (1985-1990), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кавалера пяці ордэнаў захоўваецца і на яго радзіме. I. Я. Навуменка – асоба шматгранная: пісьменнік, вучоны, педагог, аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых манаграфій, зборнікаў крытычных артыкулаў.

4–5 кастрычніка кафедрай беларускай літаратуры праведзены Міжнародныя навуковыя чытанні “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, прысвечаныя памяці народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Івана Навуменкі. 

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, пачынаючы з 2007 года, рэгулярна арганізуе навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя памяці нашага славутага земляка.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі А.М.Карлюкевіч, доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута літаратуры НАН РБ І.В.Саверчанка, доктар філалагічных навук, прафесар Вышэйшай школы журналістыкі і масавых камунікацый Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Н.С. Цветава, эксперт Мультыкультурнага даследчага цэнтра Універсітэта Хучжоу (КНР), к.ф.н., дацэнт І.Л. Шаўлякова-Барзенка, начальнік навукова-даследчага сектара Р.В. Бародзіч, дэкан філалагічнага факультэта А.М. Палуян.

Прапанаваныя на абмеркаванне даклады вызначаліся глыбінёй разважанняў, разнастайнасцю тэматыкі. Яны сталі важкім даробкам у асэнсаванне праблем дыялектыкі рэгіянальнага, нацыянальнага і агульначалавечага ў славянскіх літаратурах, актуальных пытанняў літаратуразнаўства.

Photo report