Што дае педагогу супрацоўніцтва з вышэйшай школай, адказала педагог Алена Кастрыца (nastgaz.by)

Submitted by ias on Wed, 06/14/2023 - 10:48

Усё, што робіць па жыцці Алена Кастрыца, трэнер гомельскай абласной каманды навучэнцаў па беларускай мове і літаратуры, яна робіць з вялікай любоўю і адказнасцю. Таму і нядзіўна, што яе вучні-алімпіяднікі рэгулярна паказваюць высокія вынікі. Сёлета ж яны сталі лепшымі ў рэспубліцы. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася пра сакрэты іх падрыхтоўкі.

— Алена Аляксандраўна, вы 16 гадоў працуеце ў ГДУ імя Ф.Скарыны. Якім быў ваш шлях да выкладчыцкай дзейнасці?

— Колькі сябе памятаю, заўсёды хацела дзяліцца ведамі і ідэямі, натхняць, вучыць упэўненасці ў сваіх сілах і веры ў людзей, дапамагаць з вырашэннем складаных сітуацый. Менавіта таму прафесія выкладчыка была выбрана абсалютна свядома, без падказак і парад. За ўсю сваю працоўную дзейнасць я ні разу не пашкадавала аб гэтым выбары. Скончыўшы з адзнакай філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, працавала некаторы час у школе настаўніцай. Вельмі ўдзячна гэтаму перыяду свайго прафесійнага жыцця, бо ён даў мне не толькі каштоўны педагагічны вопыт, але і таленавітых калег, цікавых і неабыякавых вучняў, магчымасці працаваць над сабой, расці як асоба і прафесіянал.

Аднак вяртанне ў альма-матар абумовілі аспірантура і кандыдацкая дысертацыя, якая называлася “Міфалагічныя ўяўленні ў беларускіх прыкметах і павер’ях аб прыродных з’явах і гаспадарчай дзейнасці чалавека”. Абараніўшы яе ў 2007 годзе, вярнулася ў родны ўніверсітэт. Паколькі мая кандыдацкая тычылася фалькларыстыкі, то зразумела, што я займаюся даследаваннямі ў галіне традыцыйнай духоўнай спадчыны беларусаў. Раблю гэта з вялікай любоўю і павагай, бо дакладна ведаю, якая гэтая каштоўнасць — назапашаныя шматвекавым вопытам веды і мудрасць нашых продкаў.


Педагогіка і выкладанне, навуковыя пошукі і даследаванні духоўнай спадчыны беларусаў, падрыхтоўка юных алімпіяднікаў-мовазнаўцаў і будучых спецыялістаў-філолагаў — складнікі прафесійнай дзейнасці Алены Кастрыцы. Яна намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рускай і сусветнай літаратуры, адзін з кіраўнікоў школы юных філолагаў ГДУ.


Зараз мая выкладчыцкая дзейнасць звязана з дысцыплінамі “Уводзіны ў літаратуразнаўства”, “Методыка выкладання рускай літаратуры”, “Сусветная дзіцячая літаратура” і “Культуралогія”. Яны мне вельмі падабаюцца, да таго ж пераклікаюцца са школьнымі прадметамі. Спадзяюся, і ў студэнтаў ёсць да іх цікавасць. Таму імкнуся, каб ім было цікава і карысна.

— Вы дапамагаеце рыхтаваць школьнікаў да алімпіяд. Напэўна, у цеснай звязцы з педагогамі?

— Так. Настаўнікаў, якія займаюцца падрыхтоўкай школьнікаў да прадметных алімпіяд, не так і шмат, бо вучні мяняюцца, а педагогі застаюцца, таму мы добра ведаем адно аднаго. Да таго ж і мая работа ў школе дала мне магчымасць атрымаць шырокае кола прафесійных знаёмстваў і захаваць добрыя адносіны з былымі калегамі. У любы момант можна патэлефанаваць ім і абмеркаваць важныя пытанні. Акрамя таго, вельмі дапамагаюць наладзіць зносіны са школьнымі педагогамі спецыялісты ГАІРА, якія арганізоўваюць тэматычныя лекцыі і майстар-класы. Ёсць у нас і педагічныя практыкі на базе школ і гімназій. Яны таксама спрыяюць абмену вопытам і вырашэнню актуальных пытанняў.

— У чым канкрэтна заключаецца ваша дапамога алімпіяднікам?

— Напэўна, гэта прагучыць пафасна, але, каб група таленавітых дзяцей стала паспяховай на ўзроўні рэспублікі, важна, каб яна ператварылася ў каманду. А што значыць каманда? Гэта ўменне дзяліцца ведамі, дапамагаць таму, хто крыху недацягвае да неабходнага на інтэлектуальных спаборніцтвах узроўню. Гэта здольнасць працаваць разам, адгукацца на просьбы аб сяброўскай падтрымцы, уносіць лёгкасць і радасць у працэс падрыхтоўкі.

Я бачыла вельмі таленавітых і працавітых дзяцей, якія, будучы патэнцыяльнымі пераможцамі, імі ўсё ж не станавіліся. Бо ім перашкаджалі залішняе жаданне перамогі або пераацэньванне яе важнасці, нізкая стрэсаўстойлівасць, няўпэўненасць альбо завышаная ўпэўненасць у сабе. А бывала і наадварот: дзіця, якому яшчэ вучыцца і вучыцца, раптам станавілася дыпламантам.                    

Мая ж роля — гэта найперш роля мадэратара паміж вучнямі, іх бацькамі, настаўнікамі, універсітэцкімі выкладчыкамі, спецыялістамі ГАІРА і яшчэ, напэўна, добрага псіхолага. Знайсці недахопы ў ведах (як я гэта раблю, няхай застанецца прафесійнай тайнай) і тых таленавітых педагогаў, якія за невялікі час змогуць гэтыя недахопы выправіць. Быць на сувязі з настаўнікамі, таму што лепш, чым ведаюць яны сваіх вучняў, не ведае ніхто. Адзначу, што іх роля ў пошуках адораных вучняў і іх падрыхтоўцы самая вялікая. Плённа кантактаваць з супрацоўнікамі ГАІРА, якія займаюцца арганізацыйнымі пытаннямі падрыхтоўчых збораў. Ствараць тую самую атмасферу ў камандзе, у якой алімпіяднікам камфортна існаваць, і ўмовы для максімальнага раскрыцця іх ведаў і здольнасцей. Шукаць індывідуальную матывацыю для кожнага члена каманды. Захоўваць іх псіхічнае здароўе і ўсяляць веру ў сябе.

Увогуле, алімпіяда — гэта ўжо лад жыцця. Той, хто аднойчы трапіў у алімпіядны рух, будзе вяртацца да інтэлектуальных спаборніцтваў неаднойчы. А яшчэ алімпіяднікі становяцца лепшымі студэнтамі і добрымі спецыялістамі.

— Якімі яшчэ прафесійнымі знаходкамі вы дзеліцеся з настаўнікамі?

— Калі ў мяне просяць парад або дапамогі, ніколі не адмаўляю. Калі не просяць, не раю, бо кожны чалавек мае свой прафесійны вопыт і мой для яго можа быць неактуальны.

Прасцей мне, канечне, з настаўнікамі, якія знаходзяцца ў алімпіядным руху, бо яны даволі лёгка ідуць на кантакт і задаюць адрасныя пытанні, а я ведаю іх вучняў і магу параіць нешта канкрэтнае і карыснае. Падабаецца працаваць і з тымі педагогамі, якія толькі пачынаюць займацца з таленавітымі дзецьмі, бо яны вельмі дапытлівыя і неабыякавыя, з задавальненнем уключаюцца ў супрацоўніцтва.


Увогуле, я чалавек каманды, таму мне прасцей з тымі, хто ўмее працаваць разам і дзеля адной мэты — вучыць і выхоўваць разумных, працаздольных і высокамаральных беларусаў.


Часта кансультую па вучнёўскіх даследчых работах. Якую тэму выбраць, каб даследаванне было актуальным для грамадства і адначасова цікавым для вучня? Як праводзіць даследаванне, каб яно не ператварылася ў звычайны рэферат? Як лепш структураваць работу?

Яшчэ адно актуальнае пытанне, з якім да мяне часта звяртаюцца настаўнікі, тычыцца алімпіядных водгукаў. І гэта не дзіўна, паколькі гэтая творчая работа, нягледзячы на наяўнасць падрабязных крытэрыяў яе ацэньвання, даволі складаная для напісання. Чаму? Таму што творчасць — гэта заўсёды суб’ектыўна. Тым не менш жанравыя асаблівасці водгуку, арганічнае спалучэнне аналітыкі і асобаснага ўспрымання, упісанасць мастацкага твора ў культурна-гістарычны працэс і творчасць аўтара — гэта тое, пра што можна разважаць і над чым варта працаваць.

— Як у цэлым ваш універсітэт узаемадзейнічае з настаўнікамі?

— Калі гаварыць пра філалагічны факультэт ГДУ імя Ф.Скарыны, то большасць выкладчыкаў адгукаецца на просьбы аб кансультацыях па складаных пытаннях лінгвістыкі і літаратуразнаўства, дапамагае падчас збораў па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд.

У школах і гімназіях ёсць філіялы кафедр універсітэта. Гэта важны складнік узаемакарыснага супрацоўніцтва. А яшчэ на базе нашых факультэтаў функцыянуюць школы юных. У іх работа вядзецца наступным чынам: выкладчыкі распрацоўваюць пытанні і заданні, падобныя да алімпіядных і экзаменацыйных, а школьнікі іх рашаюць і дасылаюць нам свае адказы. Праз некаторы час атрымліваюць правераныя работы і парады ад распрацоўшчыкаў.

Да таго ж у нашым універсітэце праводзяцца прафарыентацыйныя сустрэчы, на якіх кансультацыі могуць атрымаць не толькі вучні адносна паступлення, але і настаўнікі па прафесійных пытаннях.

— Што дае педагогу супрацоўніцтва з вышэйшай школай?

— Такое супрацоўніцтва заўсёды на карысць, прычым абодвум бакам. Бо настаўнік атрымлівае кваліфікаваную дапамогу па пытаннях, якімі больш займаецца вышэйшая школа, напрыклад, па правілах напісання даследчых або творчых работ. У сваю чаргу выкладчык, дзякуючы педагогу, ведае, чым жыве сучасная школа, на што варта звяртаць увагу пры падрыхтоўцы студэнтаў — будучых спецыялістаў, каб яны былі не толькі падкаванымі тэарэтыкамі, але і сталі добрымі практыкамі.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва гераінi

https://nastgaz.by/shto-dae-pedagogu-supratsounitstva-z-vyshejshaj-shkolaj-adkazala-pedagog-alena-kastrytsa/