17 мая да студэнтаў філалагічнага факультэта завіталі “падбярозавічкі” - галоўны рэдактар інтэлектуальнага часопіса для падлеткаў “Бярозка” Яніна Каралева і рэдактар аддзела Міхась Мурза.
Яніна Вячаславаўна (дарэчы, выпускніца нашага філфака ГДУ імя Ф. Скарыны і журфака БДУ) распавяла пра гісторыю выдання: “Пачалося ўсё 100 гадому таму – у далёкім 1924 г., калі выйшаў першы нумар штомесячнага часопіса для дзяцей “Беларускі піянер” – першапродак “Бярозкі”. У 1929 годзе рэдакцыйная калегія падзялілася, пачалося выданне газеты «Піянер Беларусі» і часопіса «Іскры Ільіча», які выходзіў з кастрычніка 1929 да красавік 1941 года. З лета 1941 года, падчас Другой сусветнай вайны, не выдаваўся. З чэрвеня 1945 года выдаецца пад назвай «Бярозка»”.
Міхась Мурза пазнаёміў слухачоў з асноўнымі тэматычнымі кірункамі часопіса - класічнае і сучаснае візуальнае, літаратурнае, музыкальнае мастацтва, сацыяльны актывізм, псіхалогія і самаразвіццё падлеткаў, пабудова стасункаў з сабой і навакольным асяроддзем.
Часопіс пастаянна развіваецца. Сёння рэдакцыйны калектыў ставіць перад сабой задачы стварэння пасрэдніцкай сувязі паміж падлеткамі і дарослымі; выхавання і развіццё грамадскай актыўнасці, патрыятызму, сацыяльнай эмпатыі, аналітычных і творчых здольнасцяў, мастацкага густу ў мэтавай аўдыторыі; пабудовы віртуальнага аб’яднання таленавітых падлеткаў вакол «Бярозкі».
У 2023 годзе былі распачаты новыя рубрыкі «Сур’ёзнае з гумарам» Наталлі Сіроткі, кіраўніка праграмы «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя» на радыё «Культура», «Арт-прастора» маладой мастачкі Ганны Раманенкі, «Міфалогія» Софіі Туронак, аматаркі беларускага краязнаўства.
У 2024 годзе стартаваў сумесны праект рэдакціі і Рэспубліканскага інстытуту прафесійнай адукацыі «PROпрафесію: ад прафарыентацыі да паспяховай кар’еры». Школьнікі старэйшых класаў праходзяць тэсціраванне на платформе profitest.ripo.by і вызначаюцца з будучай прафесіяй, «Бярозка», у сваю чаргу, прадстаўляе агляд навучальных устаноў, дзе прафесію можна атрымаць, і разказвае аб асобе, якая паспяхова рэалізавалася ў прафесіі.
«Бярозка» прадстаўлена ў Іnstagram TikTok і мэсэнджары Telegram Для кожнага канала ствараецца ўнікальны кантэнт.
Студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта шчыра дзякуюць гасцям за цікавую і змястоўную інфармацыю, прапановы аб супрацоўніцтве.