Праходзяць стагоддзі, змяняюцца пакаленні, і толькі найвышэйшыя духоўныя каштоўнасці застаюцца непарушнымі асновамі чалавечага жыцця.
Святло ведаў, глыбіню мудрасці, беражлівае захаванне культурнай спадчыны ўславіў Рэспубліканскі форум “Скарына і наш час”, урачыстае адкрыццё якога адбылося 19 кастрычніка ў Гомельскім дзяржуніверсітэце.
Ганаровыя госці з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы прыехалі ў ГДУ, каб адзначыць значную гістарычную дату – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Шчыра і натхнёна гучалі іх прывітальныя словы падчас цырымоніі адкрыцця форума: “Вяртайцеся да вытокаў, чытайце кнігі, увасабляйце ў жыццё мудры запавет асветніка і першадрукара Францыска Скарыны!”.
Са значным і велічным святам павіншавалі прысутных рэктар універсітэта Сяргей Хахомаў, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў, намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Вольга Дацэнка, д.ф.н., прафесар Іван Штэйнер і іншыя.
Культурную праграму Рэспубліканскага форума распачала творчая прэм’ера спектакля “Спакушэнне Скарыны” па п’есе Івана Штэйнера. Прыгажосць сцэнічнага мастэрства прадэманстравалі маладыя артысты народнага студэнцкага тэатра-студыі “Если бы…” пад кіраўніцтвам рэжысёра Сяргея Зянькова.
П’еса “Мудрости зачало и конецъ… або Спакушэнне Францыска Скарыны” прадставіла асобу першадрукара інакш, чым вядомыя нам літаратурныя тэксты. Пра яго жыццё і плённую дзейнасць мы даведаліся з вуснаў галоўных герояў – славутага лекара Парацэльса, Марціна Лютэра, Эразма Ратэрдамскага і Вольнага мастака. Індывідуальныя бачанні беларускага асветніка, сабраныя разам, стварылі поўны, багаты і інтрыгоўны вобраз Скарыны.
– Постаць Скарыны я паказаў на фоне гісторыка-культурнага жыцця ВКЛ і ўсёй Еўропы пачатку XVI стагоддзя, — расказаў Іван Штэйнер. — Гэтай п’есай мусіў паставіць дыягназ сучаснаці, нашай ідэнтычнасці, сістэме каштоўнасцей, прыярытэтаў. Ці былі людзі гатовыя ўспрыняць асветніцкую дзейнасць Скарыны? Магчыма, ідэя даць беларусам кнігу на роднай мове апярэдзіла час…”.
Рэжысёр народнага студэнцкага тэатра-студыі “Если бы…” Сяргей Зянькоў патлумачыў, чым п’еса “Спакушэнне Скарыны” зацікавіла моладзь: “Вобразы і рэаліі XVI – XXI стагоддзяў мадэрнізаваныя, выкарыстоўваецца сучасная лексіка, жарганізмы і нават амерыканізмы. Дзеянне няспынна змяняе сваю жанравую прыроду, паслядоўна ператвараецца ў дыскусію, перформанс, што вельмі прываблівае маладых артыстаў”.
“Спакушэнне Скарыны” – удалы праект, які ўбачыў свет, дзякуючы творчаму тандэму пісьменніка Івана Штэйнера і рэжысёра Сяргея Зянькова .
Форум Скорины (Телерадиокомпания Гомель) https://www.youtube.com/watch?v=V3oq-oK2fiM
Фота Уладзіміра Чысціка