Валодаць англійскай мовай гэтак жа важна, як і асновамі прафесіі

Submitted by ias on Thu, 10/18/2018 - 15:22

Год назад на базе вядучай у Гомельскім рэгіёне IT-кампаніі — рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій ТАА “ІВА-Гомель-Парк” быў адкрыты філіял кафедры англійскай мовы факультэта замежных моў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Кіраўнік філіяла — загадчык кафедры англійскай мовы, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Пачынак. Разам з Таццянай Віктараўнай мы абмеркавалі вынікі першага года работы філіяла і паразважалі пра мэтазгоднасць сумеснай дзейнасці.

Тэарэтычная падрыхтоўка + практычная дзейнасць

Філіял кафедры англійскай мовы на базе ТАА “ІВА-Гомель-Парк” быў створаны для паляпшэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў IT-сферы і ўзмацнення практычнага складніка адукацыйнага працэсу. Падзея стала магчымай пасля таго, як па ініцыятыве рэктара ГДУ Сяргея Хахомава ва ўніверсітэце адбыўся круглы стол з удзелам прадстаўнікоў вядучых ІТ-кампаній рэгіёна. Падчас пасяджэння госці адзначылі неабходнасць павышэння ўзроўню падрыхтоўкі выпускнікоў ІТ-спецыяльнасцей па замежнай мове. Пажаданне было прынята да ўвагі, так пачалося прадукцыйнае ўзаемадзеянне ўстановы адукацыі з прадпрыемствам.

У межах работы філіяла выкладчыкі кафедры аб’ядноўваюць свой вопыт, свае намаганні з супрацоўнікамі кампаніі, разам з імі забяспечваюць правядзенне сумеснай вучэбнай, вучэбна-метадычнай і навуковай работы.

— Наша кафедра адказвае за навучанне англійскай мове студэнтаў “нямоўных” факультэтаў. Асабліва актуальная праблема валодання замежнай мовай паўстае на факультэтах фізікі і інфармацыйных тэхналогій, матэматыкі і тэхналогій праграмавання, з якімі цесна супрацоўнічае наша кафедра. Менавіта там маладыя людзі атрымліваюць IT-спецыяльнасці, — тлумачыць Таццяна Пачынак. — Кваліфікаваныя спецыялісты ў галіне інфармацыйных тэхналогій сёння павінны не толькі глыбока ведаць размоўную англійскую мову, але і валодаць прафесійна арыентаванай лексікай.

Супрацоўнікі IT-кампаній працуюць з замежнымі заказчыкамі, штодня абмяркоўваючы з імі ўсе нюансы праектаў. Безумоўна, яны павінны дакладна разумець патрабаванні кліентаў. Акрамя таго, праграмісты рэгулярна вымушаны чытаць шмат спецыялізаванай літаратуры на замежнай мове. У прафесійнай дзейнасці сучаснага спецыяліста ўменне размаўляць па-англійску гэтак жа важна, як і валоданне асновамі прафесіі. Таму ўзмацненне практычнага складніка падрыхтоўкі спецыялістаў па выкарыстанні прафесійна арыентаванай англійскай мовы ў сферы ІТ — гэта не проста чарговы праект, а вострае патрабаванне часу.

Храналогія падзей

Работа філіяла кафедры прадугледжвае прыцягненне высокакваліфікаваных спецыялістаў ТАА “ІВА-Гомель-Парк” да правядзення семінараў на англійскай мове па профільнай тэматыцы ў межах адукацыйнага працэсу ў ГДУ.

— За час работы філіяла выкладчыкамі кафедры сумесна з работнікамі “ІВА-Гомель-Парк” арганізавана і праведзена не адно маштабнае мерапрыемства. Мы падтрымліваем арганізацыю англамоўных семінараў з выкарыстаннем перадавых камп’ютарных тэхналогій і інтэрактыўных форм навучання на факультэтах матэматыкі і тэхналогій праграмавання, фізікі і інфармацыйных тэхналогій. Пра сучасныя метады праграмнага забеспячэння на замежнай мове студэнтам расказваюць вядучыя спецыялісты кампаніі Алена Мяжэйнікава, Лаві Іцхакі і іншыя прафесіяналы ІТ-індустрыі, — адзначае загадчык філіяла Таццяна Пачынак. — Па выніках шэрага семінараў вырашана і далей праводзіць падобныя заняткі для аблягчэння адаптацыі выпускнікоў — фізікаў і матэматыкаў — да ўмоў вытворчай дзейнасці.

У сакавіку гэтага года ў якасці пілотнага праекта было праведзена ўніверсітэцкае тэсціраванне сярод студэнтаў другога курса факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій, мэтай якога была праверка ўзроўню падрыхтоўкі па практычным прымяненні англійскай мовы. Студэнты з найлепшымі вынікамі былі ўзнагароджаны памятнымі сертыфікатамі ТАА “ІВА-Гомель-Парк”. У красавіку выкладчыкі кафедры англійскай мовы ГДУ працягнулі пачатую справу і правялі на базе двух факультэтаў, якія рыхтуюць ІТ-спецыялістаў, тэсціраванне ўзроўню валодання замежнай мовай студэнтаў другога і трэцяга курсаў. Ацаніць свае веды на працягу двух дзён прыйшлі больш за 70 чалавек. Лепшыя зноў былі адзначаны сертыфікатамі і падарункамі ад “ІВА-Гомель-Парк”.

Такія мерапрыемствы павышаюць зацікаўленасць студэнтаў да вывучэння англійскай мовы, дазваляюць ім пасля заканчэння ўніверсітэта выкарыстоўваць мову ў сваёй будучай прафесіі на годным узроўні.

Магчымасць заявіць пра сябе

— Мы бачым вялікую зацікаўленасць кіраўніцтва ІТ-кампаніі ў нашых выпускніках. Попыт на спецыялістаў гэтага профілю пастаянна павышаецца, таму прапануем маладым людзям не быць сціплымі, а заяўляць пра сябе, — дадае Таццяна Віктараўна.

На пачатку новага навучальнага года выкладчыкі кафедры англійскай мовы ГДУ наведалі “ІВА-Гомель-Парк”. На сустрэчы з прадстаўнікамі кампаніі — галоўным спецыялістам аддзела рашэнняў па кіраванні інфармацыяй і інфраструктурай Аленай Мяжэйнікавай і менеджарам па развіцці персаналу Яўгеніяй Судаковай — былі абмеркаваны планы работы філіяла на 2018/2019 навучальны год.

У выніку перамоў запланаваны сустрэчы прадстаўнікоў кампаніі са студэнтамі першых курсаў ІТ-спецыяльнасцей на тэму значнасці замежнай мовы ў іх будучай прафесійнай дзейнасці, сумесная падрыхтоўка і правядзенне тэстаў для кантролю ўзроўню валодання англійскай мовай. Таксама прадоўжыцца практыка правядзення англамоўных семінараў у адпаведнасці з планамі прафілюючых кафедраў. Адным з ключавых мерапрыемстваў вырашана зрабіць агульнаўніверсітэцкі конкурс IT-праектаў на англійскай мове пры падтрымцы “ІВА-Гомель-Парк” і з удзелам супрацоўнікаў кампаніі ў якасці членаў журы.

У хуткім часе па запрашэнні кіраўніцтва ІТ-кампаніі выкладчыкі кафедры будуць наведваць заняткі па англійскай мове, якія ладзяцца ў арганізацыі для супрацоўнікаў ІВА. У будучыні яны змогуць перадаць атрыманы вопыт студэнтам для больш іх мэтанакіраванай падрыхтоўкі.

— Мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву ТАА “ІВА-Гомель-Парк” за актыўнае супрацоўніцтва, узаемную зацікаўленасць і сумесную дзейнасць па рэалізацыі адзінай мэты — падрыхтоўкі высокакваліфікаваных ІТ-спецыялістаў, — гаворыць кіраўнік філіяла Таццяна Пачынак. — Агульнымі намаганнямі мы выхоўваем годных спецыялістаў, грамадзян нашай краіны.

Планаў многа, ёсць жаданне іх ажыццявіць, застаецца толькі спадзявацца, што і самі студэнты будуць вучыцца, развівацца і займацца самаўдасканаленнем. А Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і вядучая ІТ-кампанія Гомельшчыны ТАА “ІВА-Гомель-Парк” будуць ствараць для гэтага ўсе ўмовы.

https://abituryent.ng-press.by/valodats-angliyskay-getak-zha-vazhna-yak-i-asnovami-prafesii/

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

Photo report