Дэлегацыя ГДУ імя Ф.Скарыны на чале з першым прарэктарам Андрэем Круком прыняла ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па адукацыйным праве, якая праходзіла ў Вільнюсе на базе Універсітэта Вітаўта Вялікага.
Канферэнцыя стала завяршальным мерапрыемствам міжнароднага праекта EduLAw “Распрацоўка адукацыйных модуляў па праве для педагагічных напрамкаў падрыхтоўкі як уклад у станаўленне сістэмы адукацыі, заснаванай на абароне правоў удзельнікаў адукацыйнага працэсу”. Праект рэалізоўваўся ў рамках праграмы ERASMUS+ пад эгідай і суфінансаваннем Еўрапейскай камісіі кансорцыумам 12 універсітэтаў Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Польшчы, Албаніі, Літвы, Бельгіі на працягу трох гадоў.
У ходзе канферэнцыі ўдзельнікі прадставілі даклады аб выніках рэалізацыі праекта ва ўласных установах вышэйшай адукацыі і рэгіёнах.
За час, які прайшоў з пачатку рэалізацыі праекта, удзельнікамі рабочых груп падрыхтаваны навучальныя дапаможнікі па адукацыйным праве для студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей, праведзены навучальныя семінары, створана сістэма тэсціравання студэнтаў, падрыхтаваны відэалекцыі, ажыццёўлена апрабацыя курсаў ва ўніверсітэтах-партнёрах.
Вышэйназваны праект надзвычай актуальны для ўсёй сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, бо яго рэалізацыя дазволіць у найбліжэйшай будучыні ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу (навучэнцам, педагогам, прадстаўнікам адміністрацыі, бацькам навучэнцаў) як ва ўстановах вышэйшай, так і сярэдняй адукацыі авалодаць асновамі адукацыйнага права і выконваць правы і абавязкі ў сваёй дзейнасці.
Уладзіслаў БЕЙЗЕРАЎ.