Ад лічбавай эканомікі да міжнароднага турызму (Абітурыент – інтэрнет-версія дадатку да “Настаўніцкай газеты”)

Submitted by Dmitry_Gorbachev on Fri, 04/03/2020 - 10:21

На календары вясна, а ў думках будучых абітурыентаў — мары пра студэнцкае жыццё. Якую выбраць прафесію, каб знайсці сваё прызначэнне? У якой галіне будаваць кар’еру? На шчасце, выбар ёсць не толькі ў сталічных выпускнікоў, але і ў моладзі з рэгіёнаў. Сёлета Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны будзе ажыццяўляць набор на тры новыя спецыяльнасці дзённай формы навучання. Падрабязнасці чытайце далей.

Праграмісты “ў трэндзе”

Факультэт матэматыкі і тэхналогій праграмавання прапануе абітурыентам спецыяльнасць “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)” са спецыялізацыяй “Мультымедыйныя сістэмы і інтэрнэт-праграмаванне”. 

— Аналіз рынку працы Гомельскага рэгіёна паказвае вялікі вопыт на высокакваліфікаваных ІТ-спецыялістаў, — кажа дэкан факультэта Сяргей Жогаль. — Кампаніям неабходны супрацоўнікі, якія дасканала ведаюць аперацыйныя сістэмы, падрыхтаваны да распрацоўкі праграмнага забеспячэння з выкарыстаннем моў праграмавання Assembler, Delphi, C, C++, C#, Java, Python. Прадпрыемствы і арганізацыі зацікаўлены ў спецыялістах, здольных распрацоўваць інтэрнэт-дадаткі на базе платформ .NET і Java/J2EE. Важна, каб яны ведалі мультымедыйныя сістэмы і камп’ютарныя сеткі.

Дагэтуль падрыхтоўка падобных кадраў у Гомельскім рэгіёне не ажыццяўлялася. Сяргей Пятровіч падкрэслівае, што ў працэсе навучання па напрамку “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)” студэнты атрымаюць фундаментальную адукацыю ў галіне інфармацыйных тэхналогій і матэматычных дысцыплін. Гэта дазволіць ім стаць запатрабаванымі на рынку працы ІТ-спецыялістамі, працаваць праграмістамі, праекціроўшчыкамі інфармацыйных сістэм, менеджарамі праграмных праектаў, спецыялістамі па тэсціраванні праграмных прадуктаў, выкладчыкамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій.

Для паступлення абітурыентам неабходна здаць ЦТ па фізіцы, матэматыцы, беларускай ці рускай мове.

У сферы міжнароднага турызму

Станіслаў ЧАРОПКА, дэкан гістарычнага факультэта:

“Падрыхтоўка спецыялістаў у галіне турыстычнага бізнесу вядзецца на нашым факультэце не першы год. Шмат выпускнікоў, якія атрымалі кваліфікацыю “менеджар па культурнай спадчыне і турызме”, паспяхова працу­юць у турыстычным бізнесе. Аднак мы назіраем асноўныя трэнды на рынку працы і імкнёмся рыхтаваць яшчэ больш запатрабаваныя кадры. Цесна супрацоўнічаем з універсітэтамі Германіі, Польшчы і іншых краін і бачым запыт на спецыялістаў, якія на выдатным узроўні валодаюць замежнымі мовамі.

Сёлета на гістарычным факультэце ГДУ будзе аб’яўлены першы набор на спецыяльнасць “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)”. Асноўная мэта — падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў па камунікацыях для розных сфер эканомікі.

Студэнты авалодаюць глыбокімі ведамі ў сферы турызму і замежных моў, а на выхадзе атрымаюць кваліфікацыю “спецыяліст па міжкультурных камунікацыях. Перакладчык-рэферэнт (англійская і нямецкая мовы)”. Дэкан упэўнены, што такія выпускнікі будуць запатрабаваны на рынку працы.

Спецыялісты па міжкультурных камунікацыях, прафесійныя перакладчыкі выдатна разбіраюцца ў нюансах роднай і замежнай моў, разумеюць культуру і менталітэт розных народаў, валодаюць камунікатыўнымі тэхналогіямі ў турыстычным бізнесе і іншых кірунках гаспадаркі. Важна, што яны змогуц­ь размаўляць з партнёрамі на адной мове ў прамым і пераносным сэнсах, што дазволіць прасоўваць патрэбы айчыннага бізнесу на замежным рынку пры дапамозе кваліфікавана выбудаваных дзелавых перамоў.

Падчас вучобы студэнты будуць вывучаць такія спецыяльныя дысцыпліны, як “Інфармацыйныя тэхналогіі ў сферы турызму”, “Тураперэйтынг і арганізацыя турызму”, “Арганізацыя дзелавых перамоў”, а таксама вялікую колькасць дысцыплін, скіраваных на глыбокае засваенне англійскай і нямецкай моў.

Для паступлення абітурыентам неабходна здаць ЦТ па англійскай мове, гісторыі Беларусі і беларускай або рускай мове.

Дыялог асоб у дыялог культур

Філалагічны факультэт ГДУ пачынае набор на спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”. Асноўная мэта — падрыхтоўка спецыялістаў, якія валодаюць гуманітарнымі тэхналогіямі ў сферы камунікацыі і выкладання.

— У сувязі з працэсамі глабалізацыі нацыянальныя мовы вядуць складаную ба­рацьбу за сваё месца пад сонцам, — выказвае меркаванне дэкан філалагічнага факультэта Алена Палуян. — Па гэтай прычыне жыццёва неабходным у галіне адукацыі стане спецыяліст, які ў роўнай ступені валодае нацыянальнай і замежнай мовамі, здольны прывіць вучням любоў і павагу да роднай мовы і навучыць рацыянальна выкарыстоўваць замежную.

Кваліфікацыя, якая будзе прысвойвацца выпускнікам спецыяльнасці, адкрывае шырокія магчымасці для іх працаўладкавання. Здвоеная спецыяльнасць прапануе школам, каледжам, установам вышэйшай адукацыі ўніверсальнага спецыяліста, здольнага выкладаць як рускую, так і англійскую мову. Такі спецыяліст будзе карысны і ў сферы міжкультурнай камунікацыі.

Важны нюанс! Абітурыенты спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)” могуць выкарыстаць ільготу, якая дзейнічае пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці. Без уступных экзаменаў залічваюцца пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры (дыпломы любой ступені абласнога і заключнага этапаў), а таксама выпускнікі, узнагароджаныя залатым або сярэбраным медалём. Па выніках сумоўя залічваюцца выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці.

Для паступлення абітурыенты павінны прайсці ЦТ па рускай і англійскай мовах, а ва ўніверсітэце здаць экзамен па рускай літаратуры.

Эканамісты працягваюць набор

Вікторыя Кавальчук, загадчык кафедры эканамічнай інфарматыкі, уліку і камерцыі:

“Дэкрэт прэзідэнта № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі” вызначыў курс на лічбавізацыю эканомікі ўсёй краіны. Гэта павялічыла патрэбу грамадства ў спецыялістах ІТ-галіны. Зараз адбываецца пераход на новыя тэхналогіі, на іншы ўзровень вытворчых працэсаў, таму ўзнік попыт не толькі на добра адукаваных спецыялістаў у галіне праграмавання, але і на эліту прафесіі. “Эканамічная інфарматыка” — гэта спалучэнне эканаміста і праграміста.

Летась на эканамічным факультэце ГДУ з’явіліся адразу дзве новыя спецыяльнасці: “Эканамічная інфарматыка” і “Бізнес-адмі­ністраванне”. Яны адразу ўвайшлі ў лік найбольш папулярных сярод абітурыентаў (на дзённай бюджэтнай форме конкурс складаў 5,25 заявы на месца, а прахадныя балы — 357 і 328 адпаведна).

Іна БАБЫНА, загадчык кафедры эканомікі і кіравання:

“Выпускнікі спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне” забяспечаць эфектыў­нас­ць бізнес-працэсаў у галіне стратэгічнага менеджменту, кіравання персаналам, фінансамі, маркетынгам. Яны змогуц­ь паспяхова працаваць у арганізацыях малога, сярэдняга і буйнога бізнесу, кампаніях сферы інфармацыйных тэхналогій і дзелавых паслуг, органах дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацыях. Мы ўжо атрымалі заяўкі на спецыялістаў ад такіх прадпрыемстваў, як Гомельскі тэхнапарк, “Экса­дэл”, “Эрнст&Янг”, “Меркурый” і інш.

Эканамісты-інфарматыкі ў будучыні змогуць працаваць сістэмнымі і бізнес-аналітыкамі, праграмістамі, адміністратарамі баз даных, эканамістамі электронных бізнес-сістэм. Загадчык кафедры эканамічнай інфарматыкі, уліку і камерцыі Вікторыя Кавальчук упэўнена, што маладыя эканамісты-інфарматыкі здольны паскорыць рух краіны на шляху да лічбавай эканомікі.

Эканамісты-інфарматыкі забяспечваюць распрацоўку сэрвісаў, якія садзейнічаюць мадэрнізацыі эканамічных і гаспадарчых працэсаў. Такія спецыялісты ніколі не застануцца без працы. Яны стануць жаданымі супрацоўнікамі не толькі ў ІТ-кампаніях, але і на прамысловых прадпрыемствах, у арганізацыях сярэдняга і буйнога бізнесу.

На спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне” студэнты атрымліваюць кваліфікацыю “менеджар-эканаміст”. Вучэбным планам прадугледжана падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія валодаюць навыкамі эфектыўнага кіравання бізнесам і арганізацыяй. Аналіз складаных задач кіравання, прыняцце стратэгічных рашэнняў ва ўмовах дынамічнага развіцця канкурэнтнага бізнес-асяроддзя — гэтаму павінны навучыцца будучыя бізнес-адміністратары.

Падрыхтоўка па аналагічнай спецыяльнасці вядзецца пераважна ў сталіцы. Аднак у Гомельскім дзяржаўным універсітэце ёсць свая адметнасць: у межах спецыяльнасці дзейнічае спецыялізацыя “Антыкрызіснае кіраванне прадпрыемствам”, якой няма ў іншых установах вышэйшай адукацыі. Спецыялісты кажуць, што нават у паспяховай арганізацыі павінны пастаянна дзейні­чаць элементы антыкрызіснага кіравання.

Запатрабаваныя трэнерскія кадры

Праз некалькі месяцаў скончаць 1 курс студэнты спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (трэнерская работа па лёгкай атлетыцы, трэнерская работа па футболе)”. Летась на факультэце фізічнай культуры ГДУ пачалася падрыхтоўка спецыялістаў па гэтым напрамку. Пасля заканчэння вучобы яны атрымаюць кваліфікацыю “трэнер па відзе спорту, выкладчык фізічнай культуры”.

Будучыя трэнеры вывучаюць анатомію чалавека.

— Шырока вядомы вопыт работы нашай навукова-даследчай лабараторыі алімпійскіх відаў спорту па падрыхтоўцы нацыянальных каманд у розных відах спорту, — расказвае дэкан факультэта фізічнай культуры Сяргей Сеўдалеў. — Вынікі даследаванняў уключаюцца ў вучэбныя праграмы па відах спорту, даюць студэнтам — будучым трэнерам — сучасныя ўяўленні аб падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спартсменаў на ўсіх этапах росту спартыўнага майстэрства.

Нездарма сярод студэнтаў і выпускнікоў факультэта — 5 алімпійскіх чэмпіёнаў, 14 прызёраў Алімпійскіх гульняў, вялікая колькасць пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара і Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

https://abituryent.ng-press.by/ad-lichbavaj-ekanomiki-da-mizhnarodnaga-turyzmu/