У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны пачынаюць рыхтаваць спецыялістаў у галіне камп’ютарнай бяспекі і абароны інфармацыі. Набор на адпаведную спецыяльнасць пачнецца на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій у 2021 годзе.
Нельга не пагадзіцца, што пытанні бяспекі ў інфармацыйнай сферы становяцца ўсё больш актуальнымі. Камп’ютары, смартфоны, разнастайныя гаджэты, праграмныя прадукты суправаджаюць нас усюды: на рабоце, у транспарце, дома. У інфармацыйнай прасторы ажыццяўляюць сваю дзейнасць усе кампаніі і прадпрыемствы — ад самых малых да транскантынентальных.
— Камп’ютарная бяспека — гэта абарона інфармацыі на камп’ютары і мабільных прыладах ад розных выпадковых і наўмысных пашкоджанняў, знікнення, а таксама абарона персанальных даных ад узлому і крадзяжоў, — тлумачыць дэкан факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Каваленка.
Дзмітрый Леанідавіч падкрэслівае: час патрабуе пастаяннага пошуку сродкаў і метадаў забеспячэння камп’ютарнай і інфармацыйнай абароны даных.
Гэта ў сваю чаргу вымагае перагляду існуючых метадаў, сродкаў і тэхналогій навучання, адкрыцця новых спецыяльнасцей.
— Як прыватныя, так і дзяржаўныя прадпрыемствы маюць патрэбу ў спецыялістах, якія ведаюць прынцыпы распрацоўкі і прымянення праграмна-апаратных, крыптаграфічных і тэхнічных сродкаў абароны інфармацыі, — дадае загадчык кафедры оптыкі Уладзімір Гайшун. — З наступнага навучальнага года наша кафедра пачне ажыццяўляць падрыхтоўку па спецыяльнасці “Камп’ютарная бяспека (радыёфізічныя метады і праграмна-тэхнічныя сродкі)”.
Як паведамілі ў прыёмнай камісіі ГДУ, пры паступленні на згаданую спецыяльнасць абітурыентам неабходна здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы і матэматыцы, а таксама беларускай ці рускай мове. Тэрмін навучання — чатыры гады. Выпускнікам будзе прысвойвацца кваліфікацыя “спецыяліст па абароне інфармацыі. Радыёфізік”.
Паводле адукацыйных стандартаў, аб’ектамі прафесійнай дзейнасці такіх спецыялістаў з’яўляюцца мадэлі, метады, праграмныя і апаратна-праграмныя сродкі, сістэмы абароны інфармацыі пры яе апрацоўцы, захоўванні і перадачы з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.
— Выпускнікі атрымаюць веды і навыкі работы з тэхнічнымі сродкамі забеспячэння абароны інфармацыі, праграмным і апаратным забеспячэннем сучаснай вылічальнай тэхнікі і сістэм тэлекамунікацый. Спецыялісты па камп’ютарнай бяспецы будуць запатрабаваны на прадпрыемствах розных форм уласнасці, якія займаюцца пытаннямі бяспекі інфармацыйных сістэм і даных, а таксама ў арганізацыях, якія знаходзяцца ў асаблівай зоне рызыкі ў частцы абароны інфармацыі, — удакладняе Дзмітрый Каваленка.
Для забеспячэння высокага тэхнічнага ўзроўню адукацыйнага працэсу ў ГДУ імя Францыска Скарыны дзейнічаюць спецыялізаваныя вучэбныя лабараторыі, ствараюцца дадатковыя камп’ютарныя класы з усім неабходным абсталяваннем.
Дарэчы, на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій ужо вядзецца навучанне па спецыяльнасцях “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”, “Электронныя сістэмы бяспекі”, “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, “Фізіка (навукова-педагагічная і вытворчая дзейнасць)”, “Фізічная электроніка”, “Камп’ютарная фізіка”. Асноўныя сферы дзейнасці выпускнікоў факультэта — гэта інфармацыйныя тэхналогіі, праграмаванне, сістэмы бяспекі, робататэхніка, вытворчасць паўправадніковых прыбораў, інтэгральных схем, мікра- і нанапамерных сістэм. Маладыя спецыялісты займаюцца распрацоўкай новых тэхналогій і матэрыялаў, камп’ютарным мадэляваннем, ажыццяўляюць арганізацыю, аналіз і кіраванне тэхналагічнымі працэсамі.
Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Андрэя ВЯЛІКАГА.
Чытаць артыкул на сайце «Абiтурыент»:
https://abituryent.ng-press.by/inavaczyjny-adkaz-na-vyklik-chasu/