Прэстыжнай ваеннай прэміяй узнагароджаны гомельскі навуковец Іван Афанасьеў (zviazda.by)

Submitted by Dmitry_Gorbachev on Tue, 02/23/2021 - 12:44

Высокую ўзнагароду Акадэміі ваенных навук Расійскай Федэрацыі гамяльчанін атрымаў за даследчыцкую работу «Лёс камандарма Лізюкова: версіі, міфы і праўда».


Загадчыку кафедры рускай і сусветнай літаратуры ГДУ імя Ф. Скарыны, кандыдату філалагічных навук, дацэнту, прафесару Акадэміі ваенных навук Расійскай Федэрацыі прысуджана прэмія 2 ступені імя А. А. Свечына. Кніга Івана Афанасіева «Лёс камандарма Лізюкова: версіі, міфы і праўда» выйшла ў свет у 2018 годзе. Гэта вынік шматгадовай працы навукоўца.

— Я шчыра ўдзячны кіраўніцтву Гомельскага дзяржуніверсітэта за стварэнне ўмоў для выканання мной неабходных даследаванняў. Неаднаразова даводзілася накіроўвацца ў рабочыя паездкі ў архівы, камандзіроўкі за межы Беларусі для сустрэч з удзельнікамі і відавочцамі падзей з біяграфіі Аляксандра Ільіча Лізюкова, — дзеліцца Іван Мікалаевіч.

Навуковец безумоўна ўдзячны і кіраўніцтву Гомеля і Гомельскай вобласці за неацэнную дапамогу ў адкрыцці ў 2019 годзе абласным цэнтры помніка тром братам Лізюковым. Між тым саму манаграфію аб знакамітым земляку аўтар называе не столькі літаратурнай працай, колькі «высакароднасцю памяці і падзякай тым, хто пайшоў ад нас у імя жывых».

— З удзячнасцю хочацца ўспомніць варонежскіх пошукавікаў, бо менавіта экспедыцыя пошукавага аб’яднання «Дон» стала першым крокам у справе вяртання імя Аляксандра Лізюкова з гістарычнага забыцця. Некаторыя прадастаўленыя імі матэрыялы, у тым ліку прысутнічаюць і ў кнізе, — адзначае Іван Афанасьеў, прынамсі, гомельскі навуковец — унучаты пляменнік Героя Савецкага Саюза, Аляксандра Лізюкова.

Манаграфія стала дакументальнай падставай для таго, каб на дзяржаўным узроўні Беларусі і Расіі быў прызнаны выключны ўклад Аляксандра Ільіча ў Вялікую Перамогу. 

— Пакуль яшчэ не ўвекавечана памяць пра Аляксандра Ільіча Лізюкова ў Барысаве. Хоць нельга не згадаць той факт, што для вядомага ўсім Канстанціна Сіманава Аляксандр Лізюкоў стаў першым чалавекам, выпадковае спатканне з якім на фронце пад Барысавам падаравала ўпэўненасць, што перамога будзе за намі. Аляксандр Ільіч быў чалавекам, які ніколі не аддзяляў свой лёс ад лёсу салдацкага. Вось такога Аляксандра Лізюкова ўбачыў Канстанцін Сіманаў у 1941 годзе і з захапленнем пра гэта пісаў. Таму, на мой погляд, будзе справядліва, калі барысаўчане ў год 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўшануюць подзвіг Аляксандра Ільіча Лізюкова, — выказвае надзею гомельскі навуковец Іван Мікалаевіч.

Ён распавёў, што цяпер разам з расійскімі калегамі дамагаецца вырашэння пытанняў па ўшанаванні памяці Аляксандра Лізюкова ў Пецярбургу, дзе героі Савецкага саюзу пэўны час жыў з сям’ёй. Вядзецца таксама актыўная работа па ажыццяўленні народнай ініцыятывы — правядзенні на базе ГДУ імя ф. Скарыны міжрэгіянальнай сустрэчы кіраўнікоў буйнейшых абласцей Расіі і Беларусі. Тых абласцей, чыя гісторыя звязана з подзвігамі ўсіх трох братоў Лізюкова.

— Думаю, гэта было б вельмі важным нефармальным мерапрыемствам, якое пацвердзіць, што памяць не толькі наша мінулае, але і дзень сённяшні, і нават дзень заўтрашні, — адзначае Іван Афанасьеў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота прэс-службы ГДУ імя Ф. Скарыны

http://zviazda.by/be/news/20210222/1613984694-prestyzhnay-vaennay-premiyay-uznagarodzhany-gomelski-navukovec-ivan