На філалагічным факультэце Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны стала добрай традыцыяй праводзіць тэматычныя гульні “Што? Дзе? Калі?”. А паколькі факультэт зараз адзначае свае “народзіны”, то кафедра рускай і сусветнай літаратуры просто не магла не арганізаваць такое мерапрыемства. Тэмай гэтага турніру стала неўміручая аповесць-казка Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц”.
Як адзначаюць некаторыя літаратуразнаўцы, колькасць перакладаў “Маленькага прынца” саступае пальму першынства толькі Бібліі. Паспаборнічаць у веданні такога твору, які вядомы кожнаму яшчэ са школы, прыйшлі не толькі студэнты розных курсаў і факультэтаў ГДУ, выкладчыкі, але і навучэнцы гімназіі № 51 Гомеля.
Пытанні, прапанаваныя камандам, тычыліся не толькі кантэксту самога “Маленькага прынца”, але і фактаў з жыцця аўтара. Напрыклад, як параўнанне пісьменнікам сваёй жонкі Кансуэла з персанажам аповесці Ружай прывяло да таго, што яна, ужо будучы ўдавой, усю маёмасць і правы перапісала свайму садоўніку.
На інтэлектуальным спаборніцтве быў агучаны цікавы факт пра тое, як асоба Антуана дэ Сэнт-Экзюперы знайшла сваё адлюстраванне ў творчасці эпохі СССР. Лётчык-касманаўт Юрый Гагарын на сустрэчы з паэтамі папрасіў напісаць верш пра французскага пісьменніка. Так з’явілася песня “Пяшчота” (“Апусцела без цябе зямля”), якая стала і застаецца хітом нават праз дзесяцігоддзі на ўсёй постсавецкай прасторы.
Па выніках усіх раўндаў перамогу ў “Што? Дзе? Калі?” атрымалі каманды студэнтаў філалагічнага факультэта “Занесеныя ветрам” і “Ёжын з бажын”, а таксама гасцей з гімназіі “Проста прышэльцы”.
Гульня выклікала незвычайную цікавасць ва ўсіх прысутных, спрыяла развіццю інтэлекту, пазнаваўчага інтарэсу ўдзельнікаў і ўмення працаваць у камандзе.
Андрэй ВЯЛІКІ