Кожны чалавек у пэўных сітуацыях — лідар (psiholah.nastgaz.by)

Submitted by Dmitry_Gorbachev on Wed, 10/27/2021 - 10:50

Рытм жыцця XXI стагоддзя пастаянна прад’яўляе дадатковыя выклікі. Практычна не засталося сфер жыцця, дзе няма неабходнасці хутка адаптавацца да новых умоў. Можна толькі ўявіць, якія кампетэнцыі спатрэбяцца цяперашнім школьнікам у будучай прафесійнай дзейнасці, сямейных адносінах, грамадскіх узаемадзеяннях. Пра развіццё лідарскіх якасцей падлеткаў падчас летніх канікул — наступны матэрыял.

З боку сучаснага постіндустрыяльнага грамадства ёсць запыт на ўсебаковае развіццё асобы, стварэнне ўніверсальнага спецыяліста. У такіх умовах ад сучаснай школы патрабуецца не толькі даць веды, але і развіць пазнавальныя здольнасці вучняў. Тое ж тычыцца і асобасных якасцей падлеткаў. Трэба дапамагчы дзецям стаць годнымі людзьмі, развіць важныя навыкі сама­кантролю, аналітычныя здольнасці, уменне вырашаць праблемы. Найважнейшую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць лідарскія здольнасці.

— Нельга прытрымлівацца жыццёвага міфа: “Лідарамі нараджаюцца”, — гаво­рыць педагог-псіхолаг ясляў-сада — сярэдняй школы № 73 Гомеля Анатоль Лукашоў. — Вядома, што некаторыя кампаненты лідар­ства сапраўды залежаць ад фізіялогіі, але шмат чаго — ад асабістага вопыту. Памылкова сцвярджаць, што не кожны павінен быць лідарам. Асабліва часта можна сустрэць падобнае меркаванне ў адносінах да дзяўчынак.


Анатоль ЛУКАШОЎ, педагог-псіхолаг ясляў-сада — сярэдняй школы № 73 Гомеля:

“Работа псіхолага па фарміраванні лідарскіх якасцей у падлеткаў — толькі малая частка таго, што можа быць зроблена. Асаблівае значэнне мае арганізацыя адукацыйнага працэсу ў школе. Калі ў вучняў няма магчымасці ўплываць на ўласны клас, вучэбны працэс і школу, то любая работа педагогаў не будзе мець чаканага выніку. Таму школьнае самакіраванне апошнім часам набыло ў нашай школе вялікае значэнне”.


Безумоўна, чалавек сам выбірае, як яму жыць. Не ўсім проста кіраваць людзьмі. Але без лідарскіх якасцей складана выбудоў­ваць адносіны. Асоба можа адчуваць цяжкасці пры стварэнні ўласнай сям’і і нават у кантролі над самой сабой. Анатоль Ігаравіч упэўнены, што кожны чалавек — у той ці іншай ступені лідар, у залежнасці ад асяроддзя, акалічнасцей і ролі, якую адыгрывае.

Летам падлеткі адпачываюць ад вучобы, бавяць вольны час з карысцю і без. Таму менавіта падчас канікул прадстаўнікі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ясляў-сада — сярэдняй школы № 73 Гомеля ўдзяляюць больш увагі развіццю лідарскіх якасцей падлеткаў і іншым сумежным тэмам.

— Сістэмная работа ў школе вядзецца не толькі летам. Мы працуем з навучэнцамі па некалькіх напрамках. Па-першае, займаемся фарміраваннем камунікатыўных навыкаў і сацыяльнай кампетэнцыі. Найважнейшым кампанентам лідарства з’яўляецца здольнасць эфектыўна ўзаемадзейнічаць з лю­дзьмі, выбудоўваць з імі адносіны, рэгуляваць іх. Не абысціся і без разумення асаблівасцей адносін у групах, сацыяльнай структуры, іерархіі, — тлумачыць Анатоль Лукашоў.

З іншага боку, педагогі вучаць падлеткаў прыслухоўвацца да сябе, разумець сваё “Я”, свае вартасці і недахопы. Анатоль Ігаравіч падкрэслівае: перш чым кіраваць іншымі, трэба навучыцца кіраваць сабой. У падлеткавым узросце ў навучэнцаў адбываецца ломка светапогляду. Важна ў гэты перыяд дапамагчы ім у пазнанні сябе. Трэба навучыць іх рэгуляваць уласныя думкі і эмоцыі, што стане ключом да новых дасягненняў.


Сяргей ІВАНОЎ, вучань 9 “А” класа:

“Люблю фільмы пра вядомых лідараў: Канфуцыя, Аляксандра Македонскага, Стыва Джобса, Біла Гейтса і інш. Мне здаецца, што такія асобы валодаюць неверагоднымі якасцямі характару, яны вельмі разумныя і да таго ж выдатныя кіраўнікі. На занятках з псіхолагам мяне зацікавіла практыкаванне па абмеркаванні асобасных уласцівасцей лідараў рознага тыпу”.


Развагі калегі працягвае сацыяльны педагог ясляў-сада — сярэдняй школы № 73 Гомеля Юлія Лычкоўская:

— Лідару не абысціся без разумення таго, як вырашаюцца праблемы, без здольнасці распараджацца рэсурсамі і ўмення арганізаваць абмеркаванне ў групе. Нельга назваць лідарам таго, хто прымае рашэнне за групу. Лідар — гэта чалавек, які арганізоўвае прыняцце рашэння і дапамагае яго ажыццявіць. Таму летам і падчас навучальнага года мы намагаемся таксама развіваць у школьнікаў арганізатарскія здольнасці і навыкі прыняцця рашэнняў.

Педагогі разумеюць, што паводзіны лідара на ўроках — зыходны пункт для паво­дзін большасці вучняў класа. Калі ён дазваляе сабе жартаваць i не слухаць настаўніка, гэта прымаюць астатнія. Калі ён засяроджаны, дысцыплінаваны, праблем у класе значна менш. Паўнамоцтвы лідара шырэйшыя, чым у астатніх вучняў. Лідар агучвае прычыны незадаволенасці свае і класа. Ён прапануе новае. У спрэчнай сітуацыі чакаюць яго рэакцыі. Рашэнне лідара прымае ўвесь клас. Ён здольны ўзяць адказнасць за сябе і за групу людзей. З ім імкнуцца мець зносіны, на яго звяртаюць увагу і яго абмяркоўваюць.

Работа па развіцці лідарскіх якасцей навучэнцаў у гомельскай школе вядзецца ў форме індывідуальных кансультацый, трэнінгавых заняткаў, круглых сталоў, гульняў, класных гадзін. На шчасце, псіхіка чалавека складаецца з мноства ўзаемазвязаных элементаў. Калі мы ўздзейнічаем на адзін элемент, то аказваем уплыў і на іншыя. Калі работа з падлеткамі скіравана на развіццё навыкаў зносін, то гаворка ідзе не толькі пра лідарскія навыкі — гэта таксама работа па зніжэнні трывожнасці, вырашэнні канфліктаў, экзістэнцыяльных праблем, эмацыянальным развіцці.


Уладзіслаў АКУЛІЧ, вучань 9 “А” класа:

“Сёння педагог-псіхолаг нашай школы Анатоль Ігаравіч Лукашоў правёў для нас з аднакласнікамі своеасаблівы трэнінг “Як стаць лідарам”. Спачатку ўсе ўдзельнікі назвалі сваё імя і расказалі пра свае любімыя стравы, рысы характару, хобі. Потым мы разважалі пра якасці, уласцівыя лідарам, спрабавалі перадаць эмоцыі пры дапамозе аднаго слова, рабілі сямейнае фота. Мне вельмі спадабалася, я даведаўся шмат новага”. 


— На пачатку каляндарнага года мы праводзілі ў школе заняткі “Што такое талерантнасць?”. Мэта — азнаёміць навучэнцаў з паняццем “талерантнасць”, асноўнымі рысамі і якасцямі талерантнай і інталерантнай асобы, садзейнічаць развіццю здольнасці адэкватна і поўна пазнаваць сябе і іншых, а таксама паважліва ставіцца да людзей наогул. Працавалі з казкамі, выконвалі практыкаванні. У завяршэнне заняткаў разам з дзецьмі была складзена кветка талерантнасці. Трэба разумець, што разам з развіццём камунікатыўных здольнасцей, знаёмствам з культурнымі і этычнымі нормамі паводзін у ходзе трэнінгу школьнікі маглі многае зразумець пра сябе, пра свет і пра тое, якім павінен быць сапраўдны лідар, — прыводзіць прыклад Юлія Аркадзьеўна.

Існуе добры метад выяўлення эмацыянальных пераваг у калектыве, у тым ліку дзіцячым, — гэта сацыяметрыя. Школьнікам прапануюць адказаць на пытанні: “Калі б табе прыйшлося перайсці вучыцца ў іншую школу, каго з цяперашніх аднакласнікаў ты ўзяў бы ў новы клас? Назаві, калі ласка, пяць чалавек” і “А каго з цяперашніх аднакласнікаў ты не ўзяў бы ў свой новы клас? Назаві пяць прозвішчаў”. Аналіз атрыманых адказаў дазваляе вылучыць папулярных і непапулярных членаў групы. Сацыяметрычныя “зоркі” — гэта і ёсць лідары, выяўленыя з дапамогай прафесійнага інструмента.

Нам трэба мяняць сваё ўяўленне пра лідарства як нешта гераічнае. Ёсць такое пытанне, якое гасіць любую ініцыятыву: “А хто я такі, каб вырашаць штосьці?” І тут трэба нагадаць сабе: кожнае рашэнне мае каштоўнасць. Успомніце сітуацыі, калі вынік быў дасягнуты дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх людзей. Калі вы бачыце сваё месца ў камандзе, калі вы падзяляеце пастаўленыя мэты, вы адказныя і за агульны вынік. Вы таксама лідар!

Экспрэс-тэст “Самадыягностыка лідарства”

Уважліва прачытайце кожнае з дзесяці меркаванняў і пазначце найбольш зручны для вас адказ у літарнай форме. Працуючы з апытальнікам, памятайце, што няма ні дрэнных, ні добрых адказаў. У сваіх адказах трэба імкнуцца да аб’ектыўнасці і запісваць тое, што першым прыходзіць у галаву.

1. Што для вас важнейшае ў гульні?

А. Перамога. Б. Забаўкі.

2. Што для вас больш характэрна ў агульнай размове?

А. Праяўляць ініцыятыву, прапаноўваць што-небудзь.

Б. Слухаць і крытыкаваць тое, што прапануюць іншыя.

3. Ці здольны вы вытрымліваць крытыку, не ўступаць у спрэчкі, не апраўдвацца?

А. Так. Б. Не.

4. Ці падабаецца вам, калі вас хва­ляць прылюдна?

А. Так. Б. Не.

5. Ці адстойваеце вы сваё меркаванне, калі акалічнасці (меркаванне большасці) супраць вас?

А. Так. Б. Не.

6. У кампаніі, у агульнай справе вы заўсёды выступаеце завадатарам, прыдумваеце штосьці такое, што цікава іншым?

А. Так. Б. Не.

7. Ці ўмееце вы хаваць свой настрой ад навакольных?

А. Так. Б. Не.

8. Ці заўсёды вы неадкладна і пакорліва робіце тое, што вам гавораць старэйшыя?

А. Так. Б. Не.

9. Ці можаце вы ў размове, дыскусіі пераканаць, прыцягнуць на свой бок тых, хто раней быў з вамі не згодны?

А. Так. Б. Не.

10. Ці падабаецца вам вучыць (да­ваць парады, выхоўваць) іншых?

А. Так. Б. Не.

Апрацоўка і інтэрпрэтацыя даных

Падлічыце агульную колькасць адказаў “А” і “Б” (за кожны адказ налічыце сабе 1 бал).

А = 7—10 балаў — высокі ўзровень лідарства;

А = 4—6 балаў — сярэдні ўзровень лідарства;

А = 1—3 балы — нізкі ўзровень лідарства.

Перавага адказаў “Б” сведчыць пра вельмі нізкае або дэструктыўнае лідар­­ства.

Кацярына КАВАЛЕНКА,
магістрант факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны.

https://psiholah.nastgaz.by/psichalahicnaya-maysternia/kozhny-chalavek-u-peunyh-situacyyah-lidar