Крыніца любові да роднага краю. Адметнасці святкавання Каляд на Гомельшчыне

Submitted by Dmitry_Gorbachev on Fri, 01/13/2023 - 16:11

Святыя вечары – маляўнічае свята, якое ахоплівае перыяд з 24 снежня па 6 студзеня па старому стылю, або з 7 па 19 студзеня па новаму.

 

Падчас фальклорных экспедыцый доктар філалагічных навук ГДУ імя Ф. Скарыны Валянціна Новак разам са студэнтамі і выкладчыкамі шмат гадоў збірае ўнікальныя звесткі пра колішнія зімовыя абрады і звычаі, ведае адметныя мясцовыя рысы святкавання ў розных раёнах вобласці.

Отличное настроение с народными традициями и современными щедровками. В этом году колядуем без Козы-дерезы

– У народнай памяці захоўваецца інфармацыя, як калядавалі, варажылі на добры ўраджай і нарачонага, якімі прыкметамі і павер’ямі кіраваліся, якія спявалі калядна-шчадроўныя песні. Сведчанні саміх жыхароў – надзейная крыніца ўяўленняў пра традыцыйную фальклорную спадчыну, якая і сёння не страціла людской зацікаўленасці і духоўнай каштоўнасці, – упэўнена Валянціна Станіславаўна.

Яна расказвае, што, напрык­лад, у вёсцы Дуброўнае Брагінскага раёна пасля абраду хаджэння з зоркай гаспадароў падкідвалі на крэслах да столі з пажаданнямі, каб у доме былі радасць і здароўе. Шырока адзначалася свята і ў Жыткавіцкім раёне. Напрыклад, у абрадзе ваджэння казы ў вёсцы Хільчыцы абавязковым у каляднай свіце быў персанаж, апрануты «ў лахманы шчадрэц», які сімвалізаваў сувязь са светам духаў продкаў. У вёсцы Кольна калядоўшчыкі не толькі казу ва­дзілі, але і елачку насілі, верылі ў міфалагічныя ўласцівасці дрэва, звязаныя з ахоўнай магіяй, культам продкаў, ідэяй захавання жыцця.

Беларускі пісьменнік Барыс Сачанка, ураджэнец вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна, адзначаў мясцовыя адметнасці: «Есці куццю клікалі ўсіх – мароз (каб не марозіў гародніны і садавіны), вецер (каб не зрываў стрэх, не круціў, не слаў упокат на зямлю жыта, ячмень, проса), дзядоў (каб не злавалі, спрыялі гаспадарцы, гаспадыні і гаспадару)».

На Чачэршчыне Валянціна Новак згадвае адметны абрад пераносу свечкі. У вёсцы Рэпішча, напрыклад, штогод на праваслаўныя Каляды перано­сяць абразы «Раство Хрыстова», іконы Хрыста Спасіцеля і Божай Маці. Магічны танец з хлебам-соллю праходзіць каля парога той хаты, куды прыносяць свечку новага года. У вёсцы Агародня-Кузьмініцкая Добрушскага раёна з надзеямі на добры ўра­джай звязаны абрад з гарбузом, які гаспадар імкнуўся разбіць аб падлогу, калі калядоўшчыкі заходзілі ў хату. Добры знак, калі разаб’е і семкі пасыплюцца ў розныя бакі, год будзе ўра­джайным, а семкі лічыліся чарадзейнымі, як і хлеб, што даюць шчадроўшчыкам ад злога вока, ад хвароб. У Вуглах Рагачоўскага раёна адметнымі момантамі святкавання быў карагод з песняй «Ідзе старая Каляда, прыйдзі, мая доля» вакол вог­нішча, на якім спальвалі чучала старой Каляды, тройка запрэжаных коней, якімі кіравала маладая дзяўчына як вобраз-сімвал новай Каляды (новага года), абсыпанне ўсіх прысутных зернем. На трэцюю куццю, якую святкавалі на Вадохрышча, каб засцерагчы падвор’е ад уздзеяння нячыстай сілы, у Петрыкаўскім раёне гаспадар маляваў крыжы на вокнах і дзвярах хаты, а на Мазыршчыне – выявы коней.

Жыхары пасёлка Пабядзіцель на Лоеўшчыне сена з-пад каляднага абруса аддавалі карове, каб шмат малака давала, а ў Вялікім Бары Хойніцкага раёна вясной на яго садзілі курыцу, каб выводзіліся кураняты. Жыхары вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёна з мяцеліцай на свята звязвалі добрае раенне пчол. На Вадохрышча ў Сінічыне Буда-Кашалёўскага раёна імкнуліся падтрымліваць чысціню ў хаце, верылі, што тады сям’я будзе ўвесь год здаровая. Клапаціліся і пра памерлых членаў сям’і: у вёсцы Каплічы Калінкавіцкага раёна міскі не мылі, пакідалі на стале, каб дзядам было ў чым есці. У Салтанова Рэчыцкага раёна лічылі абавязковым на трэцюю куццю паспець пера­хрысціцца і папрасіць Бога што хочаш, верылі, што нябёсы ў гэты дзень раскрываюцца.

Духоўная культура беларусаў, у тым ліку і калядныя традыцыі, – крыніца выхавання любові да роднага краю, неацэнная каштоўнасць народнай спадчыны. Многія з традыцый здольны здзівіць і ўразіць. Нельга страціць гэты бясцэнны скарб, бо нашыя нашчадкі нам гэтага не даруюць.

https://gp.by/novosti/kultura/news262108.html